?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

Купалле

Адным з найбольш яскравых, маляўнічых і паэтычных святаў у беларусаў было Купалле. Яно захавалася і дажыло да нашых дзён разам з цудоўнымі купальскімі песнямі. Праўда, носьбіты традыцыі сёння ўжо людзі вельмі сталага ўзросту, і ў тых рэгіёнах, дзе работнікі культуры паклапаціліся пра пераемнасць і аднаўленне купальскіх абрадаў у магчыма поўным аб’ёме, свята жыве і развіваецца ў новых сучасных умовах. Само свята як агульнанацыянальнае арганізуецца паўсюдна або спраўляецца аматарамі ў традыцыйных месцах.

Вядомае і папулярнае некалі ва ўсіх народаў Еўропы Купалле ў Беларусі мае старажытныя рысы. Увогуле ў славян вельмі важнымі былі святы вясенне-летняга цыкла. Купалле падводзіла рысу доўгім дням (сонца паварочвала на лета, а лета — на спякоту) і аб’ядноўвала ў сабе ўсе культы, абрады і звычаі, якія сустракаліся раней. Яно звязана, як і Каляды, з сонечным календаром (стабільным, у адрозненне ад месячнага) і культам Сонца. Гэта час летняга сонцавароту, які ў старажытнасці прыпадаў на 21–23 чэрвеня. Свята па старому стылю спраўлялі ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, па новаму спраўляюць з 6 на 7 ліпеня.

Слова “Купала” мае некалькі трактовак. Самая распаўсюджаная ў наш час звязвае яго са старажытнаславянскімі “купа”, “купець”, што значыць “агонь”, “гарэць”. На Палессі і зараз вогнішча, раскладзенае на вуліцы, называецца “купала”. Раней паходжанне гэтага слова звязвалі са звычаем купацца на досвітку пасля купальскай ночы або абавязковым зборам усёй вёскі на свята (куп — збор, зборышча людзей).

Назва свята мае свае рэгіянальныя варыянты: Купала, Купало, Купал, Купайла, Купалейка, Купалле, Купава, Купалачка, Купальначка, Купалка, Купальнічак, Купаліш. Шэраг даследчыкаў лічыць, што персаніфікаваны вобраз Купалы — гэта старажытнаславянская багіня ўраджаю, якая паўстае ў купальскіх песнях у абліччы дзяўчыны (дачкі Купалы) і ў вобразе маці. У некаторых песнях адзначаецца, што ў Купалы тры дачкі. Узніклі гэтыя вобразы ў эпоху матрыярхату. У некаторых песнях мы знаходзім мужчынскі вобраз — Купал, Купальнічак, Купаліш. Гэта тлумачыцца тым, што язычніцкія багі былі двухаблічнымі, двухполымі. Часам купальскае бажаство выступае ў вобразе ідала, балвана, які ўвасабляе сабой сонца, цяпло, святло, дабро, а бывае, што, наадварот, чорта, д’ябла. У большасці выпадкаў гэтае бажаство ўяўляе сабой свяшчэнны рытуальны агонь: “На гары Купала гарэла”.

Купалле звязана з культам сонца, вады, расліннасці, продкаў. Захаваліся і перадаюцца з пакалення ў пакаленне купальскія легенды і паданні. Адна з іх звязана з кветкай папараці, якая нібыта расцвітае ў купальскую ноч а 12 гадзіне. Яна мае цудадзейную сілу толькі тады, калі чалавек, які знайшоў яе, стане насіць кветку ў надрэзе пад скурай правай далоні. Ад гэтага часу ён будзе бачыць усе клады, схаваныя ў зямлі, разумець мову звяроў, птушак і раслін, будзе шчаслівы сам і зможа прынесці шчасце свайму народу. Другая легенда звязана з Сонцам, якое іграе раніцай на Яна. Нібыта яно едзе ў гэты час да свайго мужа на калясніцы, у якую запрэжаны тры кані: залаты, сярэбраны і жамчужны. З калясніцы Сонца шчодра сыпле свае прамяні і іскры. Вельмі паэтычнае паданне пра тое, што рэкі ў купальскую ноч свецяцца прывідным святлом, а дрэвы і травы надзяляюцца дарам мовы. Вялікія дрэвы пераходзяць з месца на месца і перашэптваюцца сваімі галінамі і лісцямі. Яшчэ адна легенда — пра купальскага дзеда, які ходзіць ноччу і збірае кветкі папараці. Па ўсёй Беларусі існуе павер’е аб ведзьмаках і ведзьмах, якія наводзяць на свойскую жывёлу насланнё і сурокі, адбіраюць у кароў малако і робяць заломы ў жыце. Нібыта ў гэтую ноч адбываецца шабаш ведзьмаў, разгул нячыстай сілы. Ад яе ў хляве вешалі крапіву і дзядоўнік, клалі грамнічныя свечкі.

Неад’емнай часткай такіх святаў, як Каляды, Масленіца, вяселле, з’яўляюцца элементы карнавалу. На Купалле таксама пераапранаюцца ў Дзеда і Бабу, Івана і Мар’ю, Купалінку і Купаліша. Зельніца раздае зёлкі, з дзецьмі і моладдзю праводзіць гульні з вянкамі. Ведзьма і нячысцікі з’яўляюцца ля купальскага вогнішча апоўначы. Ды і само свята пачынаецца з абыходу вёскі і запрашэння на Купалле, а побач едзе калымага, якую напаўняюць усякай старызнай, што выносяць з кожнай хаты: стары абутак і адзенне, стары драўляны і лубяны посуд, ёмкасці з саломы, май, што застаўся ад Сёмухі. Пад раніцу моладзь чыніць “бясчынствы”, затыкаючы коміны і прывальваючы тоўстымі калодамі дзверы хат тых людзей, што не прыйшлі на Купалле, перагароджваюць вуліцы вазамі і варотамі, якія гаспадары потым доўга шукаюць. Але “На Купала што зрабілі — тое прапала”, ніхто не сварыцца. Рытуальная разняволенасць і свабода дзеянняў праяўляліся не толькі ў свавольствах моладзі, але і ў эротыцы. Эратычныя абрады — гэта скокі парамі праз вогнішча, уплятанне рытуальных кветак (рута, мята, любісток як прываротнае зелле) у косы з мэтай прываблівання хлопцаў, варажба з вянкамі, супольнае купанне ў аголеным выглядзе.

Асноўныя моманты свята: 1. Абход двароў і запрашэнне на Купалле (моладзь). 2. Збор кветак, лекавых траў і карэнняў, віццё вянкоў (дзяўчаты, жанчыны). 3. Падрыхтоўка пляцоўкі да свята і вогнішча на ёй (хлопцы). 4. Гатаванне абрадавых страў. 5. Рытуальнае запальванне вогнішча, песні і карагоды ля яго, якія не сціхаюць да раніцы і перамяжоўваюцца гульнямі, скокамі, гушканнем на арэлях (усе жыхары вёскі). 6. Сумесная вячэра ля вогнішчаў. 7. Пошукі папараць-кветкі (хлопцы), абарона ад нячыстай сілы. 8.Ачышчэнне агнём, раслінамі, вадой — купанне на досвітку ў рацэ ці возеры, у расе. 9. Варажба з вянкамі, раслінамі. 10. Сустрэча ўзыходзячага сонца. 11. Бясчынствы ў вёсцы, каб перагарадзіць дарогу нячыстай сіле.

Усе абрады суправаджаюцца песнямі, музыкай, танцамі і карагодамі.

Ларыса КАСЦЮКАВЕЦ.

free counters

Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!