?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

МІФАЛОГІЯ.

2 ЖНІЎНЯ – ІЛЬЛЯ (ПЕРУН).
20 (23-?).07/2.08. Культ змяi, пчалы і рыбы. Iлля. "Чэрцi ў навальнiцу хаваюцца ў ваду i ператвараюцца ў рыб". Мусiць пераможаны Вялес (Яшчур), гаспадар падземна-падводнага царства, перамясцiўся ў iншую пару. Клопат пра пчол.



Дзень нябеснага агню i культ грамоўнiка. Галоўнае свята нябеснай сiлы (Пярун, Iлля), якая перамагае злую сiлу, змея-абаронцу, першапродка, татэма роду, Вялеса ("смалiць Пярун за Перуном ды палюе нячыстую сiлу"). З 20 па 27 лiпеня.
Земляробчы культ. Сельскагаспадарчая магiя. Зажынкi. "Iлля жнiво пачынае".

2/20. Ілля (Лля, Галляш) – апякун земляробства і абаронца ад «нячыстай сілы», які увабраў у сябе рысы язычніцкага бога Перуна. Свята дажджоў і навальніц. Успрымаецца як канец лета і пачатак восені. Ілля багаты на прыказкі: «Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток, прыйшоў Ілля – сарваў два»; «Прыйшоў Ілля – укінуў у воду кусок льда»; «Ілля нарабіў гнілля»; «На Іллю да абеда лета, а пасля абеда восень»; «Ілля ваюе з чартамі, іх б'е перунамі»;

«Ілля жніво пачынае, а лета канчае»; «Калі на Іллю паспелі чарніцы, паспела і жыта»; «Ілля блізка: гніся, баба, нізка, уставай раненька, ды жні дапазненька»; «Ілля пытае, ці гатова ралля, а Успленне, ці гатова насенне»; «На святога Галляша з новых круп каша»; «Да Іллі на сене пуд мёду, а на Іллі пуд гною», «Да Іллі поп дажджу не ўмоліць, пасля Ілліна дня баба фартухом пагоніць».

Заканчвалі касавіцу, хадзілі талакою касіць удовам. У Лельчыцкім раёне гавораць: «Іванове сено – панове, а Петрове ўжэ не такове, а Іллінэ – удовінэ». Праводзілі зажынкі – свята пачатку жніва.
Святы Ілля – стара жняя.
Гаспадынька ідзець у поле,
З хлебам, соллю зажынаць
Ды з маленькім сыночкам,
Ды з сярэбраным сярпочкам...
Часта ўпамінаецца Ілля ў песнях, якія спяваліся на каляды:
Ілля па полю хадзіў,
Пашаньку радзіў.
Што ступлю стапою,
Як перайду гоні,
Стаяць стогі...

Па бару хадзіў
Да пчолкі радзіў.
На адной хвоі
Па пчолак двоі.
Ой, на хвоінцы
Да па троінцы...



Ілля – адзін з папулярных вобразаў у фальклоры, нягледзячы на тое, што больш ён малюецца, як адмоўны, грозны і несправядлівы («Ілля наробіць гнілля»). Такім несправядлівым і помслівым ён паўстае з легенды «Ілля і Пятро», што была запісана А. Сержпутоўскім у Мазырскім павеце. У ёй Ілля загадвае хмарам мачыць людзям сена, а Пятро разганяе іх. «Ухваціць Пятро мятлу, -- распавядае далей народная памяць, -- і паразганяе хмары па куткох, а неба чысценька падмяце. Та ось адкуль ні вазьміся, тарахціць, едзе Ілля, крычыць, як на жывот, аж неба й зямля дрыжыць.
Хмары таўкуцца, як непрытомныя, вылазяць з куткоў, і ўжо лье такі дождж, што не толькі берагі, але і груды паплывуць. Моляцца людзі Богу, што паны дзяруцца, а ў мужыкоў чубы трасуцца, моляцца й просяць, каб Бог даў пагоду. Прызаве Бог Іллю насварыцца на яго, а той і кажа, што толькі развялося нечысці-чарцей, што трэ іх громам пабіць, бо ўвесь свет запаганяць...».



Жнівеньскія ліўні з бясконцымі маланкамі празвалі «рабінавымі днямі (ночамі)», якія часцей пачыналіся на Іллю. Аб даўнасці гэтага паняцця сведчыць яшчэ Цвярскі летапіс, дзе апісваецца чарнігаўская бітва 1024 г. паміж братамі Яраславам Мудрым і Мсціславам («Мстислав же слышав, изыде противу их на сечу к Листвену, и бяше осень, и ту ся сретогла... И бывше нощи рябинной, бысть тьма и гром бываше и молния и дождь. И бысть сечи зла и страшна...»).

Існуе павер'е ў народзе аб громе. Грыміць таму, што Ілля (Пярун) грукаціць на калясніцы па хмарах і кідае маланкі-стрэлы ў нячыстую сілу, якая можа ператварацца ў розных звяроў каб выратавацца. У прыродзе сапраўды пасля сонцастаяння (Купалы, Пятра) назіраюцца змены надвор'я як перамога Іллі над Пятром. З гэтымі міфамі мусіць і звязана даўняя завядзёнка паляўнічых пачынаць адстрэл звяроў.
Народнае ўяўленне, што праяўляецца ў свяце Іллі, цесна звязана з біблейскай гісторыяй аб прароку Іллі, што нарадзіўся ў Фесвіі Галаадскай яшчэ да 900 год да хрысціянства. Ілля (у перакладзе з яўрэйскага «апора Божая») перад паганскімі жрацамі і ізраільскім народзе, які перастаў верыць у Адзінага і ад чаго тры гады была засуха, запаліў агнём з неба мокры ахвяравальнік, што не змаглі зрабіць жрацы са сваімі багамі. Гэтым язычнікі былі ўвераваны ў адзінага Бога, жрацы былі забіты, а народ пасля малітвы прарока атрымаў доўгачаканы і жыццядайны дождж. За гэты і іншыя цуды Ілля па божай волі ўзляцеў у неба на вогненай калясніцы.



Адзіны старазапаведны персанаж і яго гісторыя прызнаны хрысціянскім культам побач з іншымі святымі (напрыклад, з Міколам Угоднікам). Язычніцкая традыцыя (Пярун) тут ўдала спалучылася з хрысціянскай, што трымаецца на такіх вызначальных асновах, як гром, дождж, калясніца.

У сувязі з тым, што Ілля быў узяты на неба жывым на калясніцы, то, як мяркуюць даследчыкі, гэта дапамагло вобразу атрымаць адпаведныя рысы язычніцкага грамаўніка. У Фінляндыі іжоры і водзі спраўляюць гулянні каля старых ахвярных камянёў. Венгры-католікі адзначаюць святога Іллеша як народы праваслаўнага веравызнання, бо хрысціянства яны прымалі некалі ў праваслаўнай форме.



Вядома больш шырокае адзначэнне свята Іллі ў Югаславіі. Там яму таксама прыдаюць уладу над громам («Грамаўнік»), часткова – над дажджом і вятрамі; вобраз падобны Перуну. Вялікім святам лічаць яго мусульмане і праваслаўныя, у меншай меры – католікі, Танцавалі, спявалі, распальвалі кастры. Іллю лічаць сваім апекуном возчыкі-славенцы, гарбары і інш – у Македоніі. Сербы ў гэты дзень звычайна збіралі мёд. Сярод рытуальных страў – мёд, кукуруза, ягня ў мусульман, стары певень – у праваслаўных.
У гарадах паўднёвай Балгарыі, дзе клімат халаднейшы, Ілля лічыцца сярэдзінай лета (срэдлето), а на Янаў дзень – праводзілі святы ахвяравання (Собор, Курбан). За трапезай падрыхтаванага быка ці барана ў гонар боства дажджоў і маланак язычніцкае свята злівалася з грамадскай урачыстасцю.
З Іллёй (20 ліп.) у Румын бытуе нямала легендаў паўцаркоўнага і паўязычніцкага зместу. Міфалагічны вобраз быў звязаны яшчэ з двума: Іллёй-Пэлія, якога адзначалі 21 ліпеня, і Фокам (foc – агонь), што ганаравалі – 22.

На думку многіх даследчыкаў, Ілля захаваў рысы культа Зеўса. Асабліва гэта бачыцца на прыкладзе міфалогіі грэкаў. Магчыма, вобраз бога грома і маланкі, апекуна навальніцы і дажджу зліўся з Геліасам, богам сонца. З распаўсюджваннем хрысціянства Геліаса замяніў Ілля, дзякуючы простаму сугуччу імён: па-грэчаскі сонца, як лічаць тыя ж навукоўцы і прыводзяць розныя цікавыя факты.
free counters

Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!