Галіна Арцёменка (galinaartemenko) wrote,
Галіна Арцёменка
galinaartemenko

Акунь, Окунь, Акуневіч

Акунь, Окунь, Акуневіч

АКУНЁЎКА, СЬВІЕРВІЦА

(рака)
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
АКУНЁ́ЎКА, СЬВІЕРВІЦА — рака ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці (басэйн Заходняй Дзьвіны). Даўжыня 13 км. Плошча вадазбору 151 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7‰.
Асноўны прыток — рака Сьцервіца (праваруч).
Выцякае з возера Даўблі, цячэ ў межах Браслаўскай грады. Упадае ў возера Дрывяты з поўдня. Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу.
Крыніцы
• Блакітны скарб Беларусі: Рэкі, азёры, вадасховішчы/ Маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў — Мн.: БелЭн, 2007.-480 с.
Атрымана з «http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BA%D1%83%D0%BD%D1%91%D1%9E%D0%BA%D0%B0_(%D1%80%D0%B0%D0%BA%D0%B0)»

АКУНЁК

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
АКУНЁК — возера ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці Беларусі. Уваходзіць у склад Блакітных азёр. Знаходзіцца на тэрыторыі ляндшафтнага заказьніка «Блакітныя азёры». Належыць да Балдуцкай групы азёр.
Возера належыць да басэйну ракі Страча.
Акунёк вядомы сваёй мяккай вадой.
Крыніца: http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BA%D1%83%D0%BD%D1%91%D0%BA

АКУНЬ

(возера)
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
АКУНЬ — возера ва Ўшацкім раёне Віцебскай вобласьці. Знаходзіцца за 26 км на ўсход ад Ушачаў, каля вёскі Салаўёўка.
Возера знаходзіцца ў басэйне ракі Тураўлянка. Плошча Акуня складае 0,03 км². Даўжыня возера — 0,27 км, найбольшая шырыня — 0,18 км. Даўжыня берагавой лініі — 0,68 км. .
Схілы катлавіны возера маюць вышыню 5 м, у пэўных участках знаходзяцца пад хмызьняком. На поўдні схілы разараныя.
Літаратура
• Блакітны скарб Беларусі: Рэкі, азеры, вадасховішчы / Маст.: Ю.А. Тарэеў, У.І. Цярэнцьеў — Мн.: БелЭн, 2007.
Крыніца: http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BA%D1%83%D0%BD%D1%8C_(%D0%B2%D0%BE%D0%B7%D0%B5%D1%80%D0%B0)

в. Акунінава >Гарадзенская вобласць > Слонім > Новадзевяткавіцкі
в. Акуні> Віцебская вобласць > Гарадок >Бычыхінскі
в. Акунёва> Віцебская вобласць > Міёры > Нікалаеўскі
х. Акунева > Віцебская вобласць > Міёры > Павяцкі
в. Акунеўка>Магілёўская вобласць > Шклоў > Гарадзішчанскі

Прозвішча, назовы ракі, азёраў паходзяць ад татэма акунь. Акунь – гэта рыба. Падаем яшчэ раз што азначае рыба ў міфалагічных уяўленнях беларусаў і меркаванне сп. Л.У. Дучыц “АРХЕАЛАГІЧНЫЯ МІКРАТАПОНІМЫ”.

РЫБА

Паводле балта–славянскiх мiфалагiчных уяўленняў аб вертыкальнай трохскладовай структуры свету, Р. з’яўляецца адзнакай нiжняга свету (свету мёртвых) і, як правіла, супрацьпастаўляецца птушкам. Таму ў фальклорных тэкстах (асабліва калядных песнях) яна асацыюецца з каранямі Сусветнага дрэва: «Ой па–над морам, па–над глыбокім, // Там явар стаяў тонкі, высокі. // На тым явары саколік сядзіць, // Саколік сядзіць да ў мора глядзіць, // У мора глядзіць, з рыбай гаварыць: // — Ой, рыба, рыба, як ты глыбока, // Як ты глыбока, так я высока». Вельмі блізкая паралель гэтаму вобразу ёсць у іранскай традыцыі: гіганцкая спракаветная Р. Кара ахоўвае Сусветнае дрэва, якое расце пасярод возера Варукаша (пачытайце вось так: вару-каша). У багата якіх традыцыях касмалагічная функцыя Р. — служыць апірышчам зямлі. Беларусы таксама верылі, што свет стаіць на вялізнай Р. (пазней было ўспрынята і ўяўленне аб трох або чатырох кітах), і калі гэтая Р. варушыцца, то здараюцца землятрусы. Шчаслівыя людзі могуць ведаць пра гэта загадзя і малітвамі да Бога і Р. могуць унікнуць такой катастрофы. Калі ж з нейкай прычыны Р. перавернецца на другі бок, то свет перакуліцца дагары нагамі і настане канец свету.
Пра хтанічную прыроду Р., у прыватнасці, сведчыць і беларускае павер’е пра яе паходжанне: у Р. ператвараюцца тыя чэрці, што ў навальніцу хаваюцца ў ваду, яны маюць чырвоныя вочы, і рыбакі засцерагаліся ўжываць такіх Р. у ежу. Сумеснае пахаванне ў ахвярных ямах сабак, птушак i Р. сiмвалiзуе прынясенне ў ахвяру насельнiкаў трох стыхiй — зямлi, неба i вады. У пачатку ХХ ст. у час эпiдэмii ў в.Броннае Рэчыцкага р–на сяляне прынеслi ахвяру — жывымi закапалi ката i шчупака. Верагодна, косткi Р. маглі служыць абярэгамi. Так, каб мышы не краналі збажыны на працягу ўсяго года, перад каляднай вячэрай трэба было адрэзаць галовы трох селядцоў і пакласці іх у зерне, а саміх селядцоў з’есці на вячэру разам з луской, скурай і косткамі.
Знаходкi касцякоў Р. вядомыя ў курганна–жальнiчных пахаваннях (в. Сыч Барысаўскага р–на). Сустракаюцца жаночыя ўпрыгожаннi, дзе замест пацерак выкарыстаныя пазванкi Р., каралi i дротавыя скроневыя колцы з нанiзанымi на iх пазванкамi (гарадзiшча Маскавiчы Браслаўскага, курганы Ганцавiцкага р–наў). Блізу в. Багушэвiчы (Бушавiчы) Глыбоцкага р–на ляжыць камень, вядомы ў народзе як «Камень з рыбкамi». Паводле падання, выявы дзвюх рыбак стварылi французы ў 1812 годзе з мэтай адзначыць месца захавання скарбу. Большая з Р. паказвае напрамак, дзе знаходзiцца скарб, а меншая — глыбiню, на якой закапаны скарб.
Паводле народных уяўленняў, Р., як і ўсе іншыя жывыя істоты, маюць свайго цара, які валадарыць над усімі рыбамі, што жывуць у злучаных паміж сабою вадаёмах, і ахоўвае іх адрыбакоў ды паляўнічых. Адратаваць ён мог нават ужо злоўленую Р., як толькі даведваўся пра прапажу. Там, дзе жыве рыбны цар, рыбакі рэдка могуць пахваліцца хоць якімсьці ўловам. I наадварот, калі рыбны цар куды–небудзь адлучаўся, можна было вылавіць без цяжкасцяў ледзь не ўсю Р. з гэтага вадаёма. Ніхто з простых людзей ніколі не бачыў цара Р. Аб яго прысутнасці меркавалі толькі па тым, што раптам, нібыта па нейкім загадзе, Р. вялікімі чародамі пераплывае з аднаго вадаёма ў другі, спусташаючы першы і перапаўняючы Р. другі. Убачыць цара Р. маглі толькі моцныя рыбаловы–чараўнікі. Адрозніць яго ад звычайнага чалавека можна было па рыбіным хвасце. У абліччы вясёлага паніча, але з нябачным рыбіным хвастом, цар Р. мог наведваць чалавечыя пагулянкі, напрыклад вяселлі.
Асаблiвая роля ў вераваннях i магii адводзiлася шчупаку (шчуцы). Сківіцы шчупака вешалi над уваходам у хату як абярэг ад хваробаў (сiмвалiчнае выгрызанне хваробаў i нячыстай сiлы). Шчупак згадваецца ў замовах, казках, песнях. Ва ўсходне- славянскiх казках ён дапамагае герою. Са шчупаком звязаны матыў абарочвання — чараўнік ператвараецца ў ваўка, сокала, шчупака. У фальклоры скандынаўскiх народаў карлiк– чараўнік у вобразе шчупака ахоўвае скарбы. У палякаў ёсць павер’е, што ў шчупака ператвараецца д’ябал. У казках i паданнях у хрысцiянскай iнтэрпрэтацыi шчупак перавозiць Хрыста праз раку i з удзячнасці за гэта ён робiць яго каралём рыб. Шчупакі надзвычай чуйныя да сонца — яны заўсёды стаяць галавой у той бок, дзе ў гэты момант знаходзіцца сонца, нават калі дзень пахмурны. Таму дасведчаныя рыбакі вызначалі месцазнаходжанне сонца на небе па накірунку шчупаковай галавы.
Надзвычай насычаная эратычна– шлюбная сімволіка Р. Сувязь Р. з апладняльнай стыхіяй вады робіць яе адным з найяскравых выразнікаў мужчынскага пачатку. Яшчэ ў палеалітычным мастацтве паўстала традыцыя выяўлення Р. у выглядзе фаласа. У беларускім фальклоры coitus часта перадаецца праз рэчыўна–аперацыйны сімвал «есці Р., напрыклад: «Эй, Лука мая зялёная, // Рыбка салёная… // На Луку хлопчыкі рыбку пякуць, // Дзевачкам есці даюць…»; «— Дзе, Купала, начавала? // — Начавала у Iвана. // — Што, Купала, вячэрала? // — Вячэрала галушачкі, // — Вячэрала галушачкі, // Лягла спаць у падушачкі. // Вячэрала рыбку з перцам, // Легла спаць са шчырым сэрцам»; «Я яму рыбку з перцам, // Ён мяне ўсім сэрцам» — і да г.п., дзе эратычная сімволіка ўзмацняецца формулай «рыбка з перцам» (параўн. дыял. назву перца — перан, якое амаль паўтарае тэафорнае імя бога Грымотніка, прыперыць, пароць і г. д.). Бадай найбольш актыўна гэты матыў абыгрываецца ў «Цярэшках», што натуральна з увагі на шлюбна–эратычны кантэкст усяго абраду «Жаніцьба Цярэшкі», напрыклад: «Паіла я коніка ў вядрэ, // Відзіла рыбачку на дне. // Добрая рыбачка карась, // Пацалуй, дзядулька, хоць раз, // Добрая рыбачка акунь, // А скажы, дзядулька, адкуль?»; «Iшла я на рэчку, на стаў, // Мой дзедзька рыбачку дастаў. // Смачная рыбачка шчучка, // Мяккая дзедзькава ручка. // Смачная рыбачка акунь, // Скажы, мой дзедзька, адкуль? // Смачная рыбачка карась, // Пацалуй, дзедзька, хоць раз» і да г. п. (параўн. іншы сімвал полавага акта — «паіць каня з поўнага вядра»). У чарадзейных казках кшталту «Iван Сучкін сын» матыў паядання Р. наўпрост звязваецца з працэсам апладнення: злоўленую рыбаловам Р. з’ядаюць царыца, кухарка і сучка (або кабыла), у выніку чаго ўсе тры зацяжарылі і нарадзілі па сыну. Менавіта ледзь не адназначнае сімвалічнае супадзенне паядання Р. і coitus’a задае фрэйм інтэрпрэтацыі такіх фразеалагізмаў, як «I рыбку з’есці, і на х… сесці» (варыянт «і ў пакой сесці» — значна менш празрысты). У сувязі з папярэднім знаходзіцца і тлумачэнне сноў, калі сніцца Р.: бачыць або злавіць Р. (карася, ліня, акуня, язя, шчупака) азначае зацяжарыць на сына, калі бачаная Р. — дробная, то гэта на дачку.
Выкарыстоўваўся вобраз Р. і ў іншых прадказаннях. Так, бачыць у сне Р. з луской азначала выгоду, прыбытак на грошы, прычым Р. з белай луской прадвяшчала срэбраныя грошы, а з цёмнай (акунь, шчупак, лінь, мянтуз, пячкур ды інш.) — дробныя грошы. Параўн. у загадцы: «Ва ўсіх дзетак адзенне з манетак» — Р. Наагул у сне злавіць Р., асабліва буйную, — добра, дробную або ў мутнай вадзе, або бачыць Р. без лускі, вараную або мёртвую — вельмі кепска, да хваробы або нараджэння мёртвага дзіцяці. Гладзіць Р. (ярша) — мець нейкія перашкоды. Бачыць свежую Р. — будзе нейкая навіна. Наагул бачыць Р. у сне значыла ўлетку дождж, а зімой — адлігу або снег. Прадказвалі надвор’е і па паводзінах Р. у вадаёмах.
Не нагэтулькі выразная сімвалічная сувязь Р. са светам памерлых. Тым не менш загадкі кшталту: «На тым свеце жывы, а на гэтым мёртвы» (адгадка — Р.) — усталёўваюць гэткую сувязь амаль адназначна. Апрача таго, варта адзначыць, што гатаваная Р. і стравы з Р. былі абавязковай часткай памінальных вячэраў на Дзяды і Куццю.
http://rv-blr.com/dictonary/view/4893

АРХЕАЛАГІЧНЫЯ МІКРАТАПОНІМЫ

Л.У. ДУЧЫЦ21.09.2010
АРХЕАЛАГІЧНЫЯ МІКРАТАПОНІМЫ, народныя назвы помнікаў археалогіі, элементы этнакультурнага ландшафту, якія адлюстроўваюць міфапаэтычныя ўяўленні старажытных людзей. Амаль пра кожнае гарадзішча і курганны могільнік існуюць паданні, часам у некалькіх варыянтах, якія тлумачаць іх спецыфічныя назвы.
Сярод назваў гарадзішчаў шырока распаўсюджаны Гарадок, Гарадзец, Гарадзішча, Замак, Ахоп, Батарэя, Татарская гара, Французская тара. З язычніцкімі вераваннямі звязаны назвы Капішча, Акураўшчына, АКУНЬ-ГАРА, Дымакуры, Ігрышча, Гуслішча, Дзявочая Гара. Вядомы назвы, звязаныя з рэальнымі гістарычнымі персанажамі: Гара Рагвалода і Рагнеды (в. Перавоз Расонскага р-на), Гара князя Багуміла (в. Качановічы Нясвіжскага р-на), Замак каралевы Боны (гарады Мядзел, Рагачоў) і інш.
Для курганных могільнікаў найбольш характэрны назвы Валатоўкі, Капцы, Курганы. Часам яны маюць яшчэ і дублетныя назвы: Татарскія магілы, Шведскія магілы, Французскія магілы, Французскія валатоўкі. Асобнай назвай звычайна вылучаюцца вялікія насыпы (Волатава магіла, Княжая магіла, Дзявіч-Гара), а таксама адзіночныя курганы (Асілкава магіла, Магіла Міндоўга, Магіла Войшалка). Адметныя назвы маюць курганна-жальнічныя могільнікі (Галодныя магілы, Галоднік), каменныя магілы (Баярскія могілкі, Паганскія магілы, Яцвяжскія магілы), жальнікі (Халернік, Аўстрыйскія магілы, Жалі).
Захаваліся назвы месц старых могільнікаў - Кладавішча, Паганскі цвінтар, Чумныя могілкі, Мёртвае Поле; паселішчаў - Сяльцо, Гарадшчызна, Бабулін Бугор. Народныя назвы характэрны і для культавых камянёў - Божы камень, Чортаў камень, Волат, Пярун, Быкі, Кравец, Шавец; каменных крыжоў - Крыж-Баба, Кацярынінскі крыж, Каралеўскі камень, Растучы крыж.
Сувязь пэўных тапонімаў з наяўнасцю археалагічных аб'ектаў улічваецца пры правядзенні археалагічнай разведкі.
Літаратура:
• Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст. Мінск, 1984;
• Дучыц Л.У. Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мінск, 1993;
• Яе ж. Да пытання аб вялікіх курганах Беларусі // ГАЗ. Мінск, 2000. № 15;
• Яе ж. Этнаграфія і міфалогія курганоў Беларусі/Там жа. Мінск, 2006. № 21;
• Лобач У.А. Курганы і гарадзішчы ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў // Вестн. Полоцкого гос. ун-та. Сер. А. 2007. №7.
Крыніца: http://jivebelarus.net/for-pupils-and-students/archaeology-of-belarus-encyclopedia/letter-a/archaeological-toponims.html
Subscribe

  • ПАДКОВА

    ПАДКОВА Жалезная дугападобная пласціна, якая прыбіваецца пад конскія капыты для засцярогі іх ад пашкоджання, а таксама для таго, каб…

  • ПАДПЕЧНIК

    У беларускай мiфалогii дух хаты, цесна звязаны з уяўленнямi аб продках i гаспадарчым (асабiстым) дабрабыце той цi iншай сям’i. Часцей за ўсё…

  • ПАДМЕНЫШ

    Падменыш - дзіця нячыстай сілы (эльфаў, русалак, лесуноў, чарцей і да т.п.), падкінуты замест выкрадзенага нованароджанага. Крыніца:…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments